22 чэрвеня - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

22.06.2025

Штогод 22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Памятная дата ўстаноўлена Указам Прэзідэнта №117 ад 23 сакавіка 2022 года ў адпаведнасці з Законам «Аб генацыдзе беларускага народа», прынятым 5 студзеня таго ж года. Гэты дзень прызваны нагадваць пра трагічныя падзеі, калі нацысцкія злачынцы і іх памагатыя, а таксама нацыяналістычныя фарміраванні праводзілі планамернае знішчэнне мірнага насельніцтва Беларусі.

У час акупацыі на тэрыторыі Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавых пакаранняў. Сярод самых вядомых - Трасцянец, Хатынь, Азарычы, Чырвоны Бераг. Па няпоўных дадзеных, у гэтых лагерах загінула каля 1,5 мільёна чалавек. У краіне было знішчана больш за 9 тысяч населеных пунктаў.

Вялікая Айчынная вайна стала адной з самых крывавых і разбуральных у гісторыі чалавецтва. Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Гэтыя страты сталі глыбокай нацыянальнай ранай, памяць пра якую назаўсёды застанецца ў сэрцах беларусаў.

Падпішыцеся на нашы навіны