
Міжнародны дзень абароны дзяцей
01.07.2025
Міжнародны дзень абароны
дзяцей, які прыпадае на першы
дзень лета, адзначаюць ва ўсім
свеце з 1950 года.
Рашэнне аб яго правядзенні было прынята Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыяй жанчын на спецыяльнай сесіі ў лістападзе 1949 года. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый падтрымала гэтую ініцыятыву і абвясціла абарону правоў, жыцця і здароўя дзяцей адным з прыярытэтных кірункаў сваёй дзейнасці.
У 1959 годзе Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) была прынята Дэкларацыя правоў дзіцяці. У яе ўвайшлі артыкулы, што заклікаюць бацькоў, дзяржаўныя органы, мясцовыя ўлады і ўрады, недзяржаўныя арганізацыі прызнаць выкладзеныя ў ёй правы і свабоды дзяцей і імкнуцца да іх выканання, аднак яна мела толькі рэкамендацыйны характар. Першым і асноўным міжнародна-прававым дакументам, у якім правы дзіцяці разглядаліся на ўзроўні міжнароднага права, стала Канвенцыя аб правах дзіцяці, прынятая ААН 20 лістапада 1989 года. Яе падпісала 61 краіна. 13 ліпеня 1990 года Канвенцыя была ратыфікавана СССР.
У нашай краіне правы і законныя інтарэсы малых грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Законе Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» і многіх іншых дакументах. Першачарговае права ўсіх дзяцей — мець сям’ю і дастойны ўзровень жыцця ў ёй. Таму ў Беларусі прыняты шэраг мер, накіраваных на падтрымку падрастаючага пакалення.
Дзень абароны дзяцей — гэта не толькі радаснае свята для саміх дзяцей, але і напамін грамадству аб неабходнасці абараняць правы дзіцяці, рабіць усё магчымае, каб дзеці раслі шчаслівымі і здаровымі, вучыліся і займаліся любімай справай, а ў будучыні сталі выдатнымі бацькамі і дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.