25 верасня ў Беларусі пройдзе Адзіны дзень бяспекі.

19.09.2025

Асноўнымі арганізатарамі акцыі выступаюць МНС, МУС, Мінздароўя, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Да іх далучацца грамадскія аб’яднанні, сродкі масавай інфармацыі і іншыя зацікаўленыя арганізацыі.

Мерапрыемства накіравана на тое, каб нагадаць грамадзянам пра важнасць асабістай і грамадскай бяспекі, адпрацаваць навыкі правільных дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, а таксама сфармаваць у насельніцтва звычку клапаціцца пра ўласнае жыццё і здароўе.

Як часта мы задумваемся, наведваючы гандлёвы цэнтр, кінотеатр, кавярню ці спартыўны комплекс, дзе знаходзяцца эвакуацыйныя выхады і куды ісці ў выпадку пажару? Добра, калі аб’ект знаёмы, але нават гэта не гарантуе, што ў крытычны момант чалавек не разгубіцца. А калі адказнасць кладзецца не толькі за сябе, але і за блізкіх? Разгубленасць – дрэнны дарадца, калі цана памылкі можа быць занадта высокай. Каб быць упэўненым у сваіх дзеяннях і не паддацца паніцы, неабходна ведаць правільны алгарытм паводзінаў.

У Адзіны дзень бяспекі ва многіх арганізацыях і ўстановах пройдуць практычныя трэніроўкі па эвакуацыі, дзе будзе магчымасць на практыцы адпрацаваць карысныя навыкі: як правільна рухацца да выхаду, на якія знакі арыентавацца, як карыстацца першаснымі сродкамі пажаратушэння і аказваць першую медыцынскую дапамогу.

Адзіны дзень бяспекі – гэта не проста прафілактычная акцыя, але і магчымасць кожнаму чалавеку задумацца: наколькі ён гатовы да дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі і ці зможа дапамагчы сабе і іншым. Бо галоўная мэта такіх мерапрыемстваў – захаваць жыццё і здароўе грамадзян.

Падпішыцеся на нашы навіны