Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

23.02.2026

23 лютага ўрачыста адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – усенароднае свята, якое ўвасабляе мужнасць, патрыятызм і непарыўную сувязь пакаленняў. Гэтая дата аб'ядноўвае ўсіх, каму дарагі лёс роднай зямлі, хто сваёй працай і служэннем умацоўваў і працягвае ўмацоўваць абараназдольнасць краіны.

У гэты дзень мы ўшаноўваем ветэранаў, якія прайшлі суровымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, адстаялі свабоду і незалежнасць Айчыны, воінаў пасляваеннага часу, якія сваёй ратнай працай умацоўвалі моц дзяржавы, а таксама ўсіх, хто з гонарам і годнасцю выконваў воінскі абавязак. Сёння ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь працягваюць слаўныя традыцыі старэйшых пакаленняў, удасканальваюць прафесійнае майстэрства і надзейна стаяць на варце міру, бяспекі і суверэнітэту краіны.

Свята ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года. Яго гісторыя бярэ пачатак 23 лютага 1918 года, калі атрады Чырвонай гвардыі атрымалі першыя перамогі пад Псковам і Нарвай. У розныя гады дата насіла назвы Дня Чырвонай Арміі, Дня Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту, а пасля распаду Савецкага Саюза атрымала сучаснае найменне.

Па традыцыі ў гэты дзень мы аддаем даніну падзякі і глыбокай павагі тым, хто мужна змагаўся за свабоду і незалежнасць Айчыны, і тым, хто сёння ў мірны час нясе нялёгкую і адказную службу па абароне Радзімы, захоўваючы мір і спакой на роднай зямлі.

Падпішыцеся на нашы навіны